Гістарычная самаідэнтычнасць насельніцтва Беларусі ў 11 - 17 стст
Категория реферата: Топики по английскому языку
Теги реферата: сочинение на тему зимой, сочинение на тему образ
Добавил(а) на сайт: Chernobrovin.
1 2 3 4 5 6 | Следующая страница реферата
Гістарычная самаідэнтычнасць насельніцтва Беларусі ў 11 - 17 стст.
Ігар Марзалюк
Канд. гіст навук, дацэнт каф. археалогіі і спец. гіст. дысцыплін
Магілёўскага дзяржуніверсітэта
Сёння ў гістарычнай навуцы Беларусі даволі востра дыскутуецца пытанне пра пачаткі беларускай дзяржаўнасці і гістарычнай самаідэнтычнасці насельніцтва беларускіх земляў у эпоху сярэднявечча. Некаторыя гісторыкі ўвогуле адмаўляюць тэзу пра тое, што насельніцтва Беларусі ўспрымала у 15 - 17 стст. Кіеўскую Русь як пачатковы перыяд уласнай дзяржаўнасці. Калыскай будучай Беларусі яны лічаць толькі Полацкае княства. Прычым яно разглядаецца як цалкам незалежная дзяржава. Такога погляду прытрымліваецца і выбітны сучасны ўкраінскі медыевіст як Наталля Якавенка, якая сцвярджае літаральна наступнае: “Для ўсіх трох адломаў колішняй Кіеўскай дзяржавы памяць пра сваю гістарычную “прамаці” Кіеўскую Русь – таксама выявілася рознаю. Так, беларускія княствы, якія супольна з суседзямі літоўцамі стваралі сваю маладую дзяржаву практычна з нуля, на кіеўскую спадчыну практычна не аглядаліся; паколькі яны заўсёды трымаліся ўбаку ад Кіева, то ў строгім сэнсе іхняю яна ніколі не была, таму не выклікала ні настальгіі, ні ідэалагічнага ператлумачэння”.[1] Як мы пабачым далей, пры разглядзе канкрэтных сведчанняў гістарычных крыніцаў, падобная тэза не вытрымлівае навуковай крытыкі.
З нашага пункту гледжання найважнейшай у вырашэнні гэтага пытання з’яўляецца гістарычная самаідэнтыфікацыя тагачаснага насельніцтва беларускіх земляў. Пісьмовыя крыніцы дазваляюць нам прасачыць тыя гістарычныя стэрэатыпы якія існавалі ўасяроддзі адукаваных русінаў: духавенства, прадстаўнікоў набілітэту і мяшчанаў. Гэтае пытанне, як мы пабачым далей, наўпрост звязана таксама з дыскусіяй пра тое, які з усходнеславянскіх народаў мае больш падставаў лічыць сябе спадкаемцам Кіеўскай Русі.
Апошняя дыскусія налічвае не адну сотню год. Ужо ў 13 ст. укладальнікі Галіцка-Валынскага летапісу лічылі, што Галіч быў “другім Кіевам”- спадкаемцам традыцыяў першай Кіеўскай дзяржавы. Адпаведна гэтаму складзеныя на Валыні летапісныя кодэксы, кшталту Іпацьеўскага, ўключалі “Аповесць мінулых гадоў”, Кіеўскі летапіс 12 ст. і, ўрэшце, Галіцка-Валынскі летапіс 13 ст. У сваю чаргу складзены ва Ўладзіміра-Суздальскай зямлі Лаўрэнцьеўскі летапіс пасля “Аповесці мінулых гадоў” падаваў уладзіміра-суздальскія паведамленні[2]. Выразна адрознівалася ад двух апошніх традыцый і летапісанне Вялікага Ноўгараду[3]. Ужо тады паўсталі прынцыпова адрозныя схемы гісторыі Усходняй Еўропы, якія захаваліся да сённяшняга дня, праўда зазнаўшы пэўныя трансфармацыі і мадыфікацыі. Яны працягваюць сваё існаванне ў якасці афіцыйных нацыянальных версіяў украінскай і вялікарасейскай гістарыяграфіяў.
На жаль, летапісных помнікаў дамангольскага перыяду, створаных на тэрыторыі Беларусі, не ацалела. Аднак пэўныя факты з гісторыі Полацкага княства дазваляюць адказаць на пытанне пра тое, ці лічылі яго валадары Кіеў чужым для сябе, а сваё княства цалкам самастойным? Сёння амаль ніхто з тых, хто так лічыць, нават і не паспрабаваў “спытацца” ні ў полацкіх Ізяславічаў-Рагвалодавічаў, ні ў палачан, кім яны самі сябе лічылі, якія этнапалітычныя ды сацыякультурныя ўзоры панавалі ў іх асяроддзі? Па-сутнасці, адбываецца адвольны перанос уяўленняў са свядомасці чалавека канца 20 ст. па пытаннях дзяржаўнай незалежнасці, нацыянальнасці на рэаліі ранняга сярэднявечча. Зыходзячы з апрыёрнага пастулявання тэзы, што погляды людзей на гэтыя праблемы на працягу стагоддзяў былі нязменнымі, даследчыкі, якія стаяць на такіх пазіцыях, хочуць таго ці не, пачынаюць ствараць гістарычныя дэфармацыі і міфы нічога супольнага не маючыя з рэаліямі далёкага мінулага. Адразу хочаццца абмовіцца, што ў гэтым разделе не ідзе размовы пра этнагенетычныя працэсы, якія адбываліся на беларускіх землях у 11-13 стст. Нас цікавілі толькі пэўныя ментальныя ўстаноўкі сучаснікаў, іх асабістыя ўяўленні і ўчынкі, якія дазваляюць паглядзець на палітычныя і сацыяльна-культурныя рэаліі таго часу іх вачыма.
У гістарыяграфіі даўно звернута ўвага на тую акалічнасць, што пасля няўдалага замаху Рагнеды на Уладзіміра, апошні вылучыў “отчыну” свайму старэйшаму сыну Ізяславу - Полацкае княства. Паводле родавых законаў, пераемнікам роду, які абарваўся, мог стаць старэйшы нашчадак па жаночай лініі. Таму Ізяслаў быў пераемнікам свайго дзеда па маці – Рагвалода Полацкага. З-за гэтай прычыны полацкі княскі стол і быў замацаваны за нашчадкамі Ізяслава. Атрымаўшы Полацкую зямлю ў “выдел”, яны пазбаўляліся права прэтэндаваць на іншыя часткі Кіеўскай Русі [4].
Але ці успрымалася гэтая падзея у гісторыі Полацкай зямлі сучаснікамі як прызнанне яе поўнай незалежнасці? Тыя ж скандынавы, ў часы панавання Брачыслава Ізяславіча, разглядалі Полацкую зямлю як частку Гардарыкі, хоць і падкрэслівалі асобнасць і важнае значэнне Полацкага цэнтру побач з двума другімі важнейшымі ўсходнеславянскімі цэнтрамі: Кіевам і Ноўгарадам [5].
Беларускі гісторык Юры Заяц пераканаўча паказаў, што ў аснове канфлікту паміж Усяславам Чарадзеем і Яраславічамі ляжалі прэтэнзіі полацкага князя на вялікакняскі кіеўскі “стол”. Усяслаў, як вядома, з’яўляўся праўнукам кіеўскага князя Уладзіміра. З-за таго, што дзед Усяслава, Ізяслаў, памёр яшчэ пры жыцці свайго бацькі ў 1001 г. і не княжыў у Кіеве, па княскаму спадчыннаму праву яго нашчадкі пазбаўляліся вялікакняскага кіеўскага стала. Аднак бацька Ўсяслава Брачыслаў Ізяслававіч, разам са сваім дзядзькам Яраславам Мудрым, быў суправіцелем усіх земляў Кіеўскай Русі і займаў кіеўскі княскі стол. Такім чынам, з’яўляючыся князем Полацкай зямлі і не маючы права прэтэндаваць на асобныя часткі Кіеўскай Русі, Ўсяслаў валодаў правам на вярхоўную ўладу ў ёй [6].
Паказальна, што аўтар “Слова о полку Игореве” называе спадчынай Усяслава не толькі Полацкае княства, а ўсю Рускую зямлю: “Вы бо своими крамолами начясте наводити поганыя на землю Рускую, на жизнь Всеславлю”[7]. Вылучанасць Ізяславічаў з агульнага уладання не трэба змешваць з палітычнай ізаляцыяй ці незалежнасцю. Ніхто з кіеўскіх князёў не лічыў, што полацкая дынастыя абсалютна незалежная ад Кіева[8]. Культурныя і гандлёвыя кантакты Полацка з Кіевам - рэч добра вядомая даследчыкам[9].
Адзіны культурны узор скарыстоўвалі і Полацк, і Кіеў, і Ноўгарад, будуючы саборы Святой Сафіі і выказваючы такім чынам прэтэнзіі на гегемонію сваіх цэнтраў у Кіеўскай Русі[10]. З гэтай канцэпцыяй самым непасрэдным чынам была звязаная канцэпцыя “Новага Іерусаліма”, які атаясамляўся “з другім Рымам” і ўспрымаўся як духоўны і свецкі цэнтр Свету, а хрысціяне як “новы Ізраіль", абраны Богам народ, які атрымаў боскую благадаць пасля непрыняцця юдэямі навукі Хрыста. У ўсходнехрысціянскай, праваслаўнай традыцыі, такім цэнтрам Свету лічыўся Канстантынопаль, у рыма-каталіцкай – Рым, дзе знаходзілася сталіца вышэйшай духоўнай і свецкай улады – Папы Рымскага і імператара[11].
Паказальна, што сама гарадская структура Канстантынопаля адбудоўвалася на ўзор Іерусаліма, чым падкрэслівалася пераемнасць новай хрысціянскай сталіцы ў справе выратавання чалавецтва – роля, страчаная “ветхім” Іерусалімам. Пасля хрышчэння Кіеўскай Русі, гэтая ідэя была запазычана ўладарамі маладой усходнеславянскай дзяржавы дзеля абгрунтавання роўнага статусу ды незалежнасці Кіева ад Царграду. Кіеў забудоўваўся па Канстантынопальскаму узору – арганізацыя гарадской прасторы Кіева капіравала гарадскую прастору Канстантынопаля і магла ўспрымацца сучаснікамі як прэтэнзія на права стаць новым цэнтрам свету, сталіцай богаабранай, абетаванай ці “абяцанай” зямлі. Гэтыя прэтэнзіі найбольш выразна былі сфармуляваныя пры князяванні Яраслава Мудрага – у Кіеве з’яўляюцца аналагічныя канстантынопальскім Залатыя вароты, храм Святой Сафіі, а таксама манастыр св. Георгія і св. Ірыны. У гэты ж час ствараецца першы летапіс у якім выразна падкрэсліваецца ідэя богаабранасці Кіеўскай Русі : “како избра Бог страну нашу на последнее время”. У разгорнутым выглядзе канцэпцыя богаабранасці і перанясення сталіцы хрысціянскага свету, ператварэння яе ў важнейшы сакральны цэнтр, была выкладзеная мітрапалітам Іларыёнам у “Слове о законе и благодати”[12].
Для нас вельмі важным з’ўляецца той факт, які сведчыць аб запазычанні гэтай ідэі амаль у той самы час знакамітым полацкім уладаром 11 ст. – Усяславам Чарадзеем. Менавіта амбіцыямі Ўсяслава на гегемонію ва ўсходнеславянскім свеце неабходна тлумачыць і ўзвядзенне Полацкай Сафіі. Леанід Аляксееў лічыць, што полацкую Сафію будавала асобная грэцкая будаўнічая арцель, што абумовіла і архітэктурную спецыфіку храма. Разам з гэтым маецца і падабенства паміж усімі трыма храмамі: агульнасць ідэі, ўсе тры пабудаваныя ў новай частцы гораду[13]. Калі Кіеў, Ноўгарад і Полацк будавалі гэтыя саборы то, такім чынам, прэтэндавалі на “мадэляванне” самога цэнтру хрысціянскага свету, Візантыйскай імперыі, Канстантынопаля са Святой Сафіяй[14] і імкнуліся сцвердзіць статус Богаабранасці сваёй сталіцы і зямлі. Па сутнасці, князі Ноўгарада, Кіева і Полацка аспрэчвалі права на статус сакральнага цэнтру менавіта свайго дзяржаўнага ўтварэння і вяршынства сваёй дынастычнай лініі роду над астатнімі князямі Рурыкавічамі. Гэтыя прэтэнзіі былі артыкуляваныя і ў ацалеўшых помніках мясцовага летапісання. Наўгародская рэдакцыя “Аповесці мінулых гадоў” прасякнутая імкненнем падкрэсліць перавагу дзяржаватворчай традыцыі Наўгародскай зямлі ў параўнанні з Кіевам[15]. Хутчэй за ўсё, падобная “мясцовая” канцэпцыя ўсходнеславянскай гісторыі магла ўзнікнуць і ў полацкім летапісанні. Здаецца, можна пагадзіцца з адным найбольш аўтарытэтных знаўцаў гэтай праблемы, І.Данілеўскім: “У наступным, кожны з гарадоў, які прэтэндаваў на ролю цэнтру Рускай зямлі, аўтаматычны прыймаў на сябе абавязак стаць “трэцім Рымам” і “Новым Іерусалімам”. Адпаведна, тут з’яўляліся і знешнія атрыбуты сталіцы свету: Залатыя вароты, новы цэнтральны храм і да.г.п.”[16] Пра тое, што Ўсяслаў Чарадзей не абмяжоўваў сваіх амбіцыяў землямі Полацкага княства, а прэтэндаваў на вярхоўную уладу ў Кіеве, на кіеўскі “залаты” стол, сведчыць і фрагмент тэксту з апавядання пра яго, якое нядаўна было знойдзена М.Ліннікавай у Расейскім дзяржаўным архіве гістарычных актаў. Мы маем на ўвазе цікавейшы дыялог паміж Усяславам і валхвом: “(ре) че же влък Всеславови: “Се княже, ти огнь небесный, разжеися, в нем же закаляемо железо не имать съкрушитися, и се же кръвь змиева (иже Евву праматерь искуси), в ней же копия омочи 3-жди, и еще власы и главы твоея пожьри бог отец наших, и дрьжава твоа не раздрушима (курсіў наш – І.М.) выну силою его!” Отвещав Сеслав рече: “Повеленьная ми сътворю, 3-жды пожьгу и помочю, и влас не пожру никако же се бо есть дело бесовсте!” Он же глагола к нему, яко: “Понеже не въсхоте влас сих потребити, озлобиши аростию врази твои вься, и градов их не плениши и не владееши непщевания деля, токмо град твой полстий боронити имаше копием сим (курсіў наш – І.М.), яко же и бысть”. Тъгда въспечялова князь Всеслав Бренчиславичь зряща сего ради”[17]. Як бачым, “дрьжава” Усяслава гэта не толькі Полацкае княства, бо з-за адмовы князя цалкам здейсніць паганскі рытуал, які мусіў забяспечыць трываласць дзяржавы і яго вайсковую удачу, ён страчвае патэнцыяльную магчымасць валадарыць у ёй і вымушаны абмежавацца толькі Полаччынай.
Аднак у гэтай спрэчцы паміж трыма важнейшымі цэнтрамі дзяржаўнасці ўсходніх славянаў перамог Кіеў. Менавіта Кіеў на працягу 12 – 17 стст. працягваў разглядацца як вярхоўная сакральная сталіца ўсходнеславянскіх земляў. Існуюць прамыя сведчанні пісьмовых крыніцаў украінска-беларускага паходжання, якія адназначна называюць Кіеў “Новым Іерусалімам”. Паказальна, што гэтую выключную ролю Кіева, як галоўнага сакральнага цэнтру Усходняй Еўропы, прызнаваў і Іван Грозны, нягледзячы на тое, што менавіта ў яго час канцэпцыя “Масква – Трэці Рым” набыла сваю ідэалагічную завершанасць[18]. Князі полацкай дынастыі шчодра адорвалі кіеўскае духавенства, Кіева-Пячорскі манастыр. Добра вядомы і сімпатыі пэўных прадстаўнікоў гэтага духавенства да полацкіх князёў[19].
Згаданыя факты дазваляюць сцвярджаць, што першыя пакаленні полацкіх князёў выказвалі прэтэнзіі на кіеўскі княскі стол. Полацкія князі добра памяталі, што яны не толькі Рагвалодавічы, але і Рурыкавічы. Геральдычныя знакі полацкіх уладароў красамоўнае таму пацверджанне[20]. Пра тое, што полацкія князі не лічылі ўсіх астатніх Рурыкавічаў абсалютна чужымі для сябе, сведчыць таксама факт распаўсюджання на Полаччыне культу Барыса і Глеба. Шырока вядомыя факты скарыстання імёнаў гэтых святых князёў у імёнаслове Полацкай дынастыі. Двое сыноў славутага Усяслава Чарадзея таксама насілі іх імёны. Пацверджанні папулярнасці культа Барыса і Глеба знаходзім і ў металапластыцы, і ў фрэскавых роспісах храмаў Полацкай зямлі. Вельмі красамоўны ў гэтым сэнсе фрэскавы роспіс Пятніцкай царквы ў Бельчыцах, дзе выявы Барыса і Глеба размешчаныя на найбольш відных і шанаваных у храме месцах – перадалтарнай сцяне[21].
Нам здаецца абсалютна слушнай тэза пра існаванне ў 11-13 стст. “параметраў калектыўнай ідэнтычнасці Русі”, якія былі характэрныя для ўсіх усходнеславянскіх земляў у той час[22]. Іншая справа, што ў старажытнарускіх летапісах мы не знаходзім ніякіх сведчанняў, якія б дазвалялі казаць пра тое, што ўсё насельніцтва Кіеўскай Русі ў 10 - 12 стст. мела супольную этнічную свядомасць. Размова ў даным выпадку ідзе найперш пра сацыякультурныя узоры дзяржаватворчай традыцыі і канфесійнай самаідэнтыфікацыі. Для ўкладальнікаў Кіева-Пячорскага пацерыка таксама быў бяспрэчным той факт, што Полаччына з’яўляецца часткай Русі як канфесійнай агульнасці[23]. Тое, што прынамсі ў асяроддзі кіеўскага духавенства, прадстаўнікоў полацкага княскага дому лічылі “рускімі” (усходнеславянскімі) князямі, як і іншых Рурыкавічаў, сведчыць і створанае ў 12 ст. “Житіе и хожденіе Даніила Руския земли Игумена”. Добра вядома, што Данііл паходзіў з Чарнігаўшчыны, яго мова насычаная паўднёварускімі дыялектызмамі, потым ён стаў інакам Кіева-Пячорскага манастыра і адтуль увайшоў на ігуменства[24]. Паказальна, што калі Данііл ставіць “кандило” ў Ерусаліме за “рускіх” князёў, то называе сярод іх не толькі Святаполка Ізяславіча Кіеўскага, Уладзіміра Манамаха Пераяслаўскага, яго сына Мсціслава і Алега Святаславіча Чарнігаўскага, але і сыноў Усяслава Чарадзея: Глеба, Давыда і Барыса[25]. Гэты помнік быў добра вядомы і на Полаччыне. Да нашых дзён захаваліся беларускія спісы гэтай крыніцы, што зараз захоўваюцца ў Варшаўскай нацыянальнай бібліятэцы, ў рукапісе, які паходзіць з Полацкай Сафійскай бібліятэкі[26].
Немагчыма таксама адмаўляць той факт, што полацкія князі, як і Полацкае княства, займаюць у гісторыі Кіеўскай Русі вельмі адметнае, спецыфічнае месца. Iстотна адзначыць тую акалiчнасць, што Полацкая зямля ва ўсходнеславянскiх летапісах 11-12 стст. амаль нiдзе (за выключэннем паведамлення Наўгародскага I-га летапісу за 1169 г.[27]) ў складзе "Рускай зямлi" у шырокiм сэнсе не згадваецца. Апошняе тлумачыцца якраз вышэйзгаданымi генеалагiчнымi прычынамi. Паданне, як ужо неаднаразова звярталі на гэта ўвагу даследчыкі, слушна перадае сутнасць таго, што адбылося – “выдел” Ізяслава пры жыцці бацькі і зацвярджэнне за яго родам вотчынных правоў на Полацкую зямлю. Менавіта таму толькі полацкіх Рагвалодавічаў называлі ў летапісах крывіцкімі князямі, бо яны былі пазбаўленыя права браць удзел у калектыўным кіраванні Кіеўскай Руссю, якая з’яўлялася вотчынай Яраславічаў. Нашчадкі Яраслава Мудрага лічылі полацкіх князёў чужым элементам, заўсёды падкрэслівалі “іншароднасць” полацкай галіны ў сэнсе іх вылучанасці з агульнародавага ўладання[28]. Вельмі паказальна ў сувязі з гэтым і адмова наўгародцаў плаціць даніну Усяславу Чарадзею падчас яго знаходжання на вялікакняскім кіеўскім стале: “Всеслав, седе во Киеве, посла к новгородцам по дань. Новгородцы же реша: “Княже, мы есмя племени Ярославлю крест целовахом на его дети и внучати, а ты еси не от племяни Ярославля; и ко Полоцку дани отцы и деды наши не давали и тебе дати не хотим, а бери со своея волости”[29].
Пасля марных спробаў Усяслава Чарадзея аспрэчыць гэткае становішча справаў і рэалізаваць прэтэнзіі на вярхоўную ўладу ў Кіеўскай Русі, ўсталявалася своеасаблівае “статус кво”. Кіеўскія князі, прызнаючы правы полацкага княскага роду на Полацк і не прэтэндуючы на полацкі княскі стол, разам з гэтым не лічылі, што полацкая дынастыя абсалютна незалежная ад Кіева. Наадварот, прызнанне вярхоўнай ўлады вялікага кіеўскага князя, яго “старэйшынства” і выкананне звязаных з гэтым абавязкаў (супольныя паходы на полаўцаў) разглядалася як неабходная ўмова для захавання полацкімі князямі сваіх воласцяў. Натуральна, што ў вылучаных з агульнародавага ўладання Ізяславічаў-Рагвалодавічаў гэта не выклікала аніякага захаплення, але кіеўскія князі сілай зброі прымушалі полацкіх валадароў быць у іх “волі”. Калі Брачыслаў са сваім дзядзькам Яраславам быў “за едін”, што як слушна лічыць Ю.Заяц, сведчыла пра яго самастойнасць і роўны статус з Яраславам[30], то ўжо пра нашчадкаў Усяслава Чарадзея так казаць не выпадае. Іх палітычная залежнасць ад Кіева відавочная. Дазволім сабе прывесці колькі прыкладаў, якія красамоўна пацвярджаюць гэткія рэаліі 12 ст. Паказальна, што атрымаўшы галоўны, полацкі стол, сын Усяслава Чарадзея Давыд ужо праз два гады пасля смерці бацькі бярэ удзел у выправе на полаўцаў у 1103 г. супольна з іншымі князямі Кіеўскай Русі, а ў 1104 , з імі ж - супраць свайго роднага брата Глеба Менскага[31]. Спробы паказаць Давыда “ізгоем” немагчыма абгрунтаваць пры дапамозе захаваных крыніцаў, як і сцвердзіць, што пасля смерці бацькі на галоўным полацкім стале “сеў” Барыс[32]. Мы салідарызуемся з найбольш аргументаваным на сённяшні дзень меркаваннем Вячаслава Насевіча пра тое, што пасля смерці Ўсяслава Барыс атрымаў ва ўладанне Друцк[33]. Спробы Глеба Менскага захапіць воласці, якія належылі да вотчыны Яраславічаў, як вядома, скончыліся вельмі сумна. Прычым з кантэксту летапіснага паведамлення пра паход Манамаха супраць Глеба у 1116 г. выразна вынікае факт яго “старэйшынства” над менскім князем: “...Глеб же, вышед из города с детми и с дружиною, поклонися Володимеру, и молвиша речи о мире, и обещася Глеб во всем послушати Владимира. Володимер же омирев Глеба и наказав его о всем, вдасть ему Менеск, а сам възратися Киеву”[34]. Паказальна, што ніводны з Усяславічаў за брата не заступаецца. Гэта, як лічыць Эдуард Загарульскі, сведчыць пра тое, што самыя полацкія князі лічылі паход кіеўскага князя на свайго брата слушным і справядлівым, бо апошні выказаў прэтэнзію на вотчыну Яраславічаў і парушыў нормы княскага землеўладання [35].
Пасля смерці Манамаха нежаданне полацкіх князёў прызнаць над сабой вярхоўны сюзэрэнітэт яго пераемніка Мсціслава выклікала карны кааліцыйны паход у 1128 г. У яго выніку быў узноўлены звыклы парадак рэчаў: “...пополчане сътснувшеси выгнаша Давыда и с сынъми и поемши Рогволода идоша к Мстиславу просвяще к себе княземъ и створи волю ихъ Мстиславъ и поимше Рогволода ведоша и Полотьску”[36]. Полацкія князі склалі хроснае цалаванне кіеўскаму ўладару, у якім абавязваліся браць удзел у вайсковых паходах Кіева супраць стэпавікоў. Адмова выконваць свае васальныя абавязкі (удзельнічаць у выправе супраць полаўцаў) прывяла ў 1130 г. да высылкі прадстаўнікоў полацкай дынастыі ў Візантыю[37].
З цягам часу ў Полацкай зямлі паступова стабілізавалася пастаянная арыентацыя яе князёў той ці іншай лініі на адпаведную лінію паўднёварускіх князёў. Друцкія Барысавічы абапіраліся на Манамаха і манамахавічаў, Глебавічы - спачатку на Ізяславічаў, а з сярэдзіны 12 ст. - на Ольгавічаў[38]. Шукаючы дапамогі ў князёў няполацкіх дынастыяў палачане вымушаныя былі і самыя падтрымліваць апошніх у міжусобнай барацьбе і нават прызнаваць іх вярхоўны сюзэрэнітэт. Праілюструем гэтую тэзу некалькімі красамоўнымі прыкладамі. У 1151 г. полацкае веча, выдаліўшы Рагвалода і запрасіўшы на полацкі стол Расціслава Глебавіча, звяртаецца да наўгарод-северскага князя Святаслава Ольгавіча за дапамогай і дэкляруе яму васальную вернасць: ... “слашася Полотьчане к Святославу Олговичу с любовью, яко имети отцом собе и ходить в послушании его, и на том целовати крест”[39]. Выразна сведчаць крыніцы і пра васальную залежнасць полацкіх князёў ад Андрэя Багалюбскага, ў паходах якога яны бралі ўдзел. Асабліва красамоўнае сведчанне аб гэтым знаходзім у летапісным паведамленні 1174 г. пра выправу на Кіеў, калі Багалюбскі “...полотьским князьям пойти повеле всем”[40].
У канцы 12 ст. Полацкая зямля ўсё болей і болей трапляла пад пратэктарат смаленскіх князёў, а з 1222 г. на полацкім княскім пасадзе мы ўжо бачым князя з дынастыі смаленскіх Расціславічаў – Святаслава Мсціславіча. З гэтага часу Полацкае княства канчаткова траціць апошнія рэшткі былой самастойнасці[41].
Паспрабуем падвесці вынік. Мы імкнуліся паказаць, што, нягледзячы на абумоўлены генеалагічнымі прычынамі сепаратызм, гісторыю Полацкай зямлі нельга разглядаць па-за кантэкстам гісторыі Кіеўскай Русі. Канешне, няма падставаў адмаўляць і тэзу пра тое, што менавіта з гісторыі Полацкай зямлі бярэ адлік дзяржаватворчая традыцыя на нашых землях. Але тым больш няма ніякіх падставаў казаць пра поўную палітычную незалежнасць ці ізаляванасць Полацку ад Кіева. Так, дарэчы, не лічылі і сучаснікі. Полацкая зямля ўспрымалася наўгародскімі летапісцамі як складовая частка метаэтнапалітычнай агульнасці, у якую уваходзілі і іншыя княствы Кіеўскай Русі, звязаныя дынастычнымі стасункамі і прыналежнасцю да адзінага канфесійнага цэнтру - Кіеўскай мітраполіі. Асабліва гэта выразна кідаецца ў вочы пры характарыстыцы вайсковых канфліктаў паміж Ноўгарадам і Полацкам. Войны, якія адбываюцца паміж усходнеславянскімі княствамі, паміж “сваімі”, ў вачах летапісцаў з’яўляюцца грахоўнаю справаю, а ўнікненне ад іх трактуецца як справа богакарысная. Зусім іншы эмацыйны фон прысутнічае пры апісанні войнаў з прадстаўнікамі іншых краінаў і народаў, якія знаходзіліся па-за межамі Кіеўскай Русі як дзяржаўна-генеалагічнай агульнасці. Узорным з’яўляецца паведамленне пра выправу наўгародскага князя Яраслава на Полацкую зямлю ў 1194 годзе: “На ту же зиму ходи князь Ярослав с новгородьци и с пльсковици и ладожаны и с всею областью Новгородьскою к Полтьску, и устретоша полоцяне съ поклоном на озере на Касъпле; и възьмъше мир, възвратишася Новугороду: бог бо не вда кръви пролитья крестьяном межи собою”[42]. Для Канстантынопаля было відавочным фактам, што Полацк, як і іншыя ўсходнеславянскія землі, і ў рэлігійным, і ў дзяржаўным плане залежныя ад Кіева. Няма ніводнага дакументу ні рымскай курыі, ні грэчаскага патрыярхату ў якім бы было зафіксавана асобнае месца Полацкай зямлі ў тагачаснай іерархіі дзяржаваў і такім чынам прызнаная, згодна нормаў тагачаснай правасвядомасці, роўнасць полацкіх князёў з іншымі суверэнамі. Для візантыйскага гісторыка 12 ст. Іанна Кінамы існуе толькі адна сталіца “Таўраскіфіі” - Кіеў “...каторы пераўзыходзіць іншыя тамашнія гарады, лічыцца мітраполіяй таго народу, атрымоўвае архірэя з Візантыі і карыстаецца іншымі важнымі перавагамі” [43]. У спісе “рускіх” епіскапстваў 12 ст., падпарадкаваных мітрапаліту Русі, змешчаным у “Notitia Episcopatuvim” і датаваным 1170-79 гг., на чацвёртым месцы пазначана і полацкая кафедра [44].
У Полацкай зямлі, як і ў іншых усходнеславянскіх землях, пры вырашэнні пытанняў звязанных з сям’ёй і шлюбам, у царкоўным судзе шырока скарыстоўвалі “Устав князя Ярослава”. Менавіта з полацкай архіепіскапскай кафедрай звязана таксама кадыфікацыя ды стварэнне ў пачатку 15 ст., адаптаванага да тагачасных рэаліяў жыцця праваслаўнага насельніцтва ВКЛ, зборніка “Архангельскага тыпу” і змешчанага ў ім асноўнага ізвода “Устава Ярослава”[45]. Пры вывучэнні гандлёвых дамоваў 13-14 стст. Полацку з Рыгай, кідаецца ў вочы той факт, што ў Полацкай зямлі скарыстоўваліся для пакарання за крымінальныя злачынствы нормы “Рускай Праўды”. На гэтую акалічнасць, дарэчы, ў свой час звярнуў увагу і Міхайла Грушэўскі [46].
Калі пагадзіцца з Аляксеям Чарняцовым, які лічыць што Радзівілаўскі летапісны звод быў укладзены у Полацку [47], то мы можам меркаваць і пра тое, якая гістарычная спадчына ўспрымалася як “свая” палачанамі 15 ст. Паказальна, што нягледзячы на прыпіскі, якія акцэнтуюць увагу на падзеях у Полацку (узгадка ў летапісу “полочан”, услаўленне вечавых парадкаў у шэрагу усходнеславянскіх гарадоў, у тым ліку і Полацку, успамін пра які ў адпаведным месцы Лаўрэнцьеўскага летапісу адсутнічае), полацкая гісторыя разглядаецца ў агульным усходнеславянскім кантэксце. Што ўжо казаць пра насельнікаў іншых земляў Беларусі, якія ўваходзілі ў склад Смаленскага, Чарнігава-Северскага, Тураўскага і Галіцка-Валынскага княстваў ды былі непарыўна звязаныя з запачаткаванымі ў Кіеве традыцыямі дзяржаўнасці, канфесійнай і гістарычнай самаідэнтыфікацыі? Іншая справа, што гэтыя факты мусяць адэкватна ўспрымацца і трактавацца. Адмаўленне таго факту, што менавіта Кіеўская традыцыя перадвызначала культурнае аблічча беларускіх земляў у 11 - 13 стст., звязана найперш з рэакцыяй беларускіх гісторыкаў на “масквацэнтрычныя” канцэпцыі гісторыі Кіеўскай Русі, якія панавалі ў савецкай паваеннай навуцы і па сутнасці ўзыходзілі да запачаткаванай у маскоўскай сярэднявечнай гістарыяграфічнай традыцыі, дзе Масква абвяшчалася адзіным легітымным правапераймальнікам кіеўскай спадчыны.
Рекомендуем скачать другие рефераты по теме: бесплатно ответы, урок изложение, курсовая работа проблема.
1 2 3 4 5 6 | Следующая страница реферата