Жыццё і творчасць Г. Бураўкіна беларус
Категория реферата: Топики по английскому языку
Теги реферата: реферат рф, бесплатные шпаргалки по праву
Добавил(а) на сайт: Карманов.
Предыдущая страница реферата | 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22
Некалькі адказаў на пытанні
1. Чытачоў заўсёды цікавяць аўтарскія разважанні аб творчых шляхах у літаратуры. З гэтае нагоды некалькі пытанняў. Як і чаму Вы сталі пісаць? Як з'явілася ўпэўненасць у правільнасці абранага шляху? Дзе вытокі Вашай шматпланавай творчасці? Хто з літаратараў аказаў на Вас найбольшы ўплыў?
Адказ. Адназначна адказаць, чаму пачаў пісаць (ці дакладней будзе сказаць пра пачатак — рыфмаваць), цяжка. Зачароўвала сама музыка паэтычнага слова, яго дакладнасць, «складнасць».І яшчэ—магчымасць сказаць пра штосьці важнае ці проста цікавае трохі незвычайна. Вось таму ў школьныя гады (недзе ў 5—6 класах) пачаў рыфмаваць заметкі ў насценгазету, а пасля і абразкі школьнага жыцця, водгукі да знамянальных дат. Пісаць (у сэнсе спрабаваць скласці мастацкі твор) пачаў значна пазней, нават пасля таго, як сёе-тое надрукаваў у абласным і рэспубліканскім друку.
Упэўненасць у правільнасці абранага шляху безумоўнай не назаву і сёння. Часам у душы і цяпер, калі перачытваю класіку ці любімых выдатных сучаснікаў, варушыцца сумненне: а можа, у іншай справе я зрабіў бы больш і лепш. Але без літаратуры я ўжо не магу. І адчуванне, што хоць нешта я ўмею, таксама часамі, на шчасце, прыходзіць. Так было, напрыклад, пасля кнігі «Жніво», пасля паэмы «Ленін думае пра Беларусь», пасля некаторых вершаў апошніх гадоў.
Вытокі маёй творчасці — на Полаччыне, у полацкіх барах і рэчках, лугах і нівах. І перш за ўсё ў Вялікай Айчыннай вайне, якая дала мне веданне бязмернай цаны жыцця і дабра і страшнай цаны зла і смерці. Пачаў пісаць я ад падсвядомай радасці і прыгажосці мірнага быцця. І яшчэ — ад жадання быць самым актыўным удзельнікам таго, што робіцца на роднай зямлі. І яшчэ — ад прыналежнасці да слаўнай гісторыі свайго народа.
Найбольшы ўплыў на мяне аказалі спярша Маякоўскі і Лермантаў, Купала і Колас, а пасля (з гадамі і дагэтуль) — Твардоўскі, Багдановіч, Куляшоў, Панчанка. Безумоўна, уплывала на мяне як на чалавека і літаратара і проза (у прыватнасці, Чэхаў, Чорны, Мележ, Брыль, Быкаў, Бондараў, Астаф'еў, Айтматаў) і творчасць літаратурных равеснікаў (Еўтушэнка, Вазнясенскі, Раждзественскі, Драч, Алейнік, Барадулін). Думаю, што не так прыкметна, але ўздзейнічалі, уплывалі на мой настрой і маладзейшыя — я ж іх чытаў, адгукаўся на іх радасць і трывогі...
2. Генадзь Мікалаевіч! 3 Вамі, ці, можа, на год-два раней або пазней, у беларускую літаратуру прыйшла вялікая кагорта таленавітых аўтараў. Чым, на Ваш погляд, можна растлумачыць гэту з'яву?
Адказ. 3'яву гэтую я растлумачыў бы дзвюма прычынамі: нашым жыццёвым вопытам і грамадскай атмасферай таго часу, калі заявіла аб сабе наша пакаленне.
Усе мы, прадстаўнікі цяперашняга «сярэдняга» пакалення, перажылі Вялікую Айчынную вайну — кожны па-свойму, кожны ў сваім краі, кожны рознай мерай, але перажылі са сваім народам, са сваёй Радзімай. Усе мы — дзеці партызанскай Беларусі, дзеці Савецкай улады. Бацькі нашы сумленна пранеслі праз ваенныя выпрабаванні свой лёс— хто загінуў, хто вярнуўся цяжка паранены, хто прайшоў у парахавым дыме да самага Берліна... Мы сваімі дзіцячымі вачамі ўбачылі і звярынае аблічча фашызму, і высокую чалавечую годнасць нашых аднавяскоўцаў, і мужнасць і адвагу партызан і чырвонаармейцаў. Гэта наш важны жыццёвы і пстарычны вопыт. І мы не мелі права не сказаць аб ім, не пакласці яго побач з вопытам тых, хто прайшоў шляхамі вайны з вінтоўкай за плячыма. А штуршком стала грамадская атмасфера ў краіне пасля XX партыйнага з'езда. Мы зразумелі, адчулі, што павінны адкрыта сказаць аб тым, што ведаем, аб чым думаем, над чым пакутуем, да чаго імкнёмся. Шчасце, што гэты штуршок прыпаў на пару нашай грамадзянскай сталасці (а можа быць, дакладней — нашага грамадзянскага сталення).
3. Генадзь Мікалаевіч! На Вашы вершы напісана шмат музычных твораў. Слухачам падабаюцца песні «Я ўдзячны лёсу», «Белы снег», «Зачарованая», «Матылі», «Песня пра Чэ Гевару». У праграме «Мінскай вясны — 85» прагучала араторыя «Бітва за Беларусь» старэйшыны беларускай музыкі Анатоля Багатырова. Разам з творамі А. Куляшова, Н. Гілевіча тут выкарыстаны і Вашы вершы. Наколькі свядома Вы арыентуецеся на «музыкальнасць»? Ды і як наогул ставіцеся да сучаснай, у тым ліку беларускай эстрады?
Адказ. Ніколі свядома на «музыкальнасць» не арыентуюся. Ды і названыя Вамі песні (акрамя «Матылёў»), напісаны на вершы, якія былі даўно апублікаваны,— так што я іх не прызначаў для песень. Але без музыкі паэзіі не бывае. Яна жыве ў нашым слове, у кожным гуку роднай мовы. Дарэчы, яна гучыць і ў прозе (толькі праяўленне яе там не такое відавочнае, як у вершах). 1 кампазітар, як «спецыяліст», яе адчувае больш дакладна, больш тонка, чым чытач і нават сам паэт. Безумоўна, я маю на ўвазе сапраўднага кампазітара і таленавітага паэта, а не халодных «вытворцаў» песень, дзе ні складу ні ладу ні ў музыцы, ні ў так званым тэксце.
Для беларуса песня заўсёды была частачкай душы — і ад таго, што лёс ягоны быў не багаты на радасці, многія даўнейшыя песні нашы такія задумныя і журботныя. Але якая светлая і жыццядайная іх стыхія! Думаю, што якраз глыбіннай сувязі з народнай мелодыкай абавязаны сваёй шматгадовай папулярнасцю лепшыя песні Н. Сакалоўскага, I. Любана, Ул. Алоўнікава, Ю. Семянякі, I. Лучанка. 1 калі эстрада (а яна існуе даўно і мае сярод моладзі агромністую папулярнасць) не адрываецца ад крынічак сваёй зямлі, яна варта ўсялякай пахвалы і падтрымкі. Вядома, пры ўмове — таленавітасць музыкантаў. Прыклад ёсць, зусім блізкі і радасны для нас—«Песняры». Не сумняваюся—калі б нашы любімыя спевакі арыентаваліся на шлягеры і замежныя рытмы, яны даўно сышлі б са сцэны і забыліся б, як дзесяткі і сотні іхніх калег. Прывязанасць да беларускага фальклору, да творчасці лепшых нашых кампазітараў і паэтаў забяспечвае ім зайздроснае творчае жыццё, хаця былі ў іх (і ёсць) і «тэхналагічныя» пошукі, і ўважлівыя адносіны да моды... Наогул, я лічу, што беларуская эстрада паспяхова даказала свой высокі ўзровень. Акрамя «Песняроў», заслужана любімыя ў публікі «Верасы», «Сябры», Тамара Раеўская, Яраслаў Еўдакімаў, Віктар Вуячыч... Хацелася б толькі большага прытоку новых сіл, большай разнастайнасці таленту...
4. У сучаснай беларускай паэзіі адметнае месца належыць жаночай плыні. Радуюць чытачоў сваімі творамі Данута Бічэль-Загнетава, Яўгенія Янішчыц, Вера Вярба, Нэла Тулупава, Раіса Баравікова, Вольга Іпатава, Валянціна Коўтун, Святлана Басуматрава. Прыхільна быў сустрэты першы зборнік Алы Канапелькі «Цвет алешыны». Асобныя крытыкі спрабуюць нават весці размову аб «жаночым» кірунку ў паэзіі. Мяркуецца, што чытачам будзе цікава ведаць Вашу думку пра гэта.
Адказ. Не веру, што ёсць асобная жаночая паэзія. Паэзія адна—сапраўдная, таленавітая. А хто яе творца — мужчына ці жанчына — хіба гэта так важна? Хаця, безумоўна, жаночае сэрца больш чуйнае і спагадлівае, чым мужчынскае. Дарэчы, сярод адданых прыхільнікаў паэзіі пераважная большасць— жанчыны...
Прыход у нашу паэзію цэлага атрада таленавітых дзяўчат (чамусьці не хочацца пісаць слова «жанчын») мяне вельмі радуе. Мы не такія ўжо багатыя на жаночыя імёны ў гісторыі літаратуры. Цётка. Канстанцыя Буйло. Эдзі Агняцвет... Нядаўна (ва ўсякім разе — не так даўно) актыўна працавала, на зайздрасць многім мужчынам, Еўдакія Лось, якой нам так не хапае сёння... А тут — цэлы букет: Данута Бічэль-Загнетава, Вера Вярба, Вольга Іпатава, Яўгенія Янішчыц, Раіса Баравікова, Таіса Бондар, Нэла Тулупава, Валянціна Коўтун, Галіна Каржанеўская, Святлана Басуматрава, Людміла Паўлікава... І ўсе розныя, адметныя. У кожнай свой голас, свая манера. Думаю, што без іх вершаў паэзію нашу сёння ўжо цяжка сабе ўявіць. Ва ўсякім выпадку, без іх яна была б намнога бяднейшай... Так што радуюся і чакаю новых імён, новых кніг.
5. Запраграмаванасць пісьма, аднастайнасць тэматыкі, выяўленчых сродкаў, часам дрэннае веданне роднай мовы, форматворчасць — часцей за ўсё менавіта такія недахопы ўласцівы для творчасці пачынаючых паэтаў. Вядома, што агульных рэцэптаў у паэзіі няма. Але ўсё ж Вам, Генадзь Мікалаевіч, амаль трыццацігадовы паэтычны вопыт дае права на асабістыя адзнакі творчасці маладых, парады ў іх адрас. Калі ўявіць, што паэт—гэта падарожнік, які сабраўся ў складаны і цярністы шлях да таямніц паэзіі, дык што б Вы пажадалі яму на дарогу?
Адказ. Я не быў бы такі бязлітасны ў ацэнцы творчасці маладых. Яны не такія, як мы, іх папярэднікі. І так павінна быць. Іншы час, у які яны прыйшлі ў літаратуру, іншы тэмп жыцця, іншы рытм настрояў. Таму і яны іншыя. Мы спяшаліся сказаць пра набалелае, не надта часам турбуючыся пра форму. А яны хочуць і ў форме быць сучаснымі, на ўзроўні веку. Што ж тут благога ці незразумелага? Хочацца, каб у іх было болей важкасці і адкрыцця ў змесце? Дык мы ж мяркуем ужо з вышыні нашага вопыту, а ў іх яшчэ так многа наперадзе. Дрэнна валодаюць словам? А хто іх не навучыў валодаць добра? Ці не мы самі?.. Словам, я за тое, каб ад маладых патрабаваць поўнай мерай, але нароўні з прэтэнзіямі да сябе.
А пажадаць пачынаючым хацеў бы перш за ўсё смеласці. Смеласці ў пранікненні ў самую сутнасць жыцця і чалавечай душы. Смеласці ў ацэнках канкрэтных падзей і з'яў. Смеласці ва ўмяшанні ў праблемы сучаснасці. Смеласці ў абнаўленні паэтычных прыёмаў. Смеласці ў даверы да роднай гісторыі і роднага слова. І — адказнасці ва ўсім. Каб не баяцца стаць перад самым строгім судом таварышаў па справе, перад сваім уласным судом і судом свайго народа.
6. Наконт праблемы ўзаемаадносін паміж гісторыяй і сучаснасцю, паэтычнай і вуснай народнай творчасцю. Здавалася б, тут усё зразумела. Але не-не дый здараецца, што адных паэтаў ці пісьменнікаў занадта папракаюць за цягу да «сівой даўніны» і яе абрадаў, звычаяў, гаворак. Другія ж, бачачы гэта, зусім не звяртаюцца да культурнай спадчыны. Як тут вызначыць меру? У чым яна, Генадзь Мікалаевіч, на Ваш погляд, заключаецца?
Адказ. Не можа быць ні сур'ёзнай літаратуры, ні сур'ёзнага пісьменніка, якія не адчувалі б сябе часткай гісторыі. Незалежна ад важкасці ўкладу і месца ў агульначалавечай цывілізацыі. Удзячнасць за тое, што ты прыйшоў не на голае месца, і жаданне хоць нешта перадаць наступнікам я лічу абавязковымі для кожнага таленту.
Ведаць даўніну, фальклор, выдатныя постаці мінулага, разумна і свядома разбірацца ў разгалінаваннях шматвекавых сцяжынак народа, да якога ты належыш,— першая ці нават першасная адзнака сапраўднай культуры. Іншая справа — звяртаешся ты да так званай гістарычнай тэматыкі ці не. Каб гістарычна мысліць, не абавязкова пісаць толькі пра XIV ці, скажам, XVII стагоддзе. Такое мысленне патрэбна і найсучаснейшаму пісьменніку (нагадаю тут «Буранны паўстанак» Ч. Айтматава).
Гісторыя — гэта памяць народа.
Адсутнасць памяці — адна з самых жахлівых хвароб у чалавека. Дык што ж казаць пра народ, пра чалавецтва, калі недаацэньваецца або забываецца гісторыя? Такое прыводзіць да непапраўных трагедый, а часам і да духоўнай смерці.
Задача літаратуры—не даць перарвацца ніці з мінулага праз сённяшняе ў заўтра. Без бяздушнай кананізацыі і абсалютызацыі былога, як, дарэчы, і сённяшняга і заўтрашняга. Урэшце не трэба забываць, што для будучых пакаленняў наш сённяшні дзень, такі дарагі для нас, будзе іх мінулым...
7. Нарэшце, Генадзь Мікалаевіч, Вы член урада, чалавек, які заняты адказнымі дзяржаўнымі справамі. Кола людзей, з якімі Вам штодзённа даводзіцца сустракацца, даволі разнастайнае. Гэта партыйныя, савецкія, гаспадарчыя кіраўнікі, вялікі атрад тэле- і радыёжурналістаў, тэлегледачоў і радыёслухачоў. І ў кожнага свае праблемы, пытанні, меркаванні. Але ж, з другога боку, Вы чалавек творчы, у якога ёсць сваё адметнае літаратурнае акружэнне, свой творчы свет, аднадумцы па літаратурным фронце. Як знаходзяць сваё выражэнне ў Вашай творчасці гэтыя, на першы погляд, розныя бакі Вашага жыцця?
Адказ. Так, адно з другім спалучаць нялёгка. Кажучы шчыра, работа старшыт Дзяржтэлерадыё БССР забірае практычна без астатку мае будні — сілы, нервы, час. На паэзію застаюцца толькі святы. Так што для мяне вершы ў самым прамым сэнсе слова звязаны са святамі.
І ўсё ж я не думаю, што на творчасці маёй кіруючая, грамадская работа адбіваецца толькі адмоўна. На колькасці — адбіваецца. А вось наконт якасці — не буду спяшацца з вывадамі.
Напружаная штодзённая дзяржаўная праца прывучае да дзелавітасці, канкрэтнасці, да вельмі асязальнага адчування пульсу жыцця, да пільнай увагі да людзей, іх клопатаў, іх праблем. Больш пачынаеш цаніць сумленную людскую працу. Больш пачынаеш ненавідзець дэмагогію, подласць, хцівасць. Больш адчуваеш асабістую адказнасць за ўсё, што робіцца вакол цябе, з тваім удзелам... Яшчэ даражэйшымі робяцца таварыскасць, сяброўства, каханне... А як без адчування гэтага могуць нараджацца сур'ёзныя вершы? На пустое, на драбязу проста няма часу...
Так што адназначнага адказу няма. Хаця і хочацца, і абавязаны пісаць намнога больш і лепш!
Заключэнне.
У творах і выказваннях паэта ёсць разуменне галоўнай місіі мастацкай літаратуры, духоўнай культуры наогул – весці бой за чалавека гуманнага і разумнага, рознабакавога і цэласнага, неабмежавана шырокага ў сваіх ведах аб сабе і сусвеце, сына роднай зямлі і народа, цвердага ў сваіх ідэйна-маральных ідэалах і перекананнях. Чалавеказнаўчая і выхаваўчая ролля мастацкай літаратуры ў нашам грамадстве няспынна ўзрастае, растуць патрабаванні і да яе тварцоў. Адным з такіх пісьменнікаў і грамадскіх дзеячоў з’яўляецца Генадзь Бураўкін. Патрэбна нагадаць словы паэта аб ягонай далейшай творчасці: “Мне упарта верыцца, што самае галоўнае, самае цікавае ў жыцці – наперадзе, хочацца шмат пабачыць і сустрэць, хочацца пісаць лепш і больш”…
І хай з тысяч рэк чужых нап’юся –
Толькі для апошняга глытка
Я прыду сюды,
да Беларусі,
Да свайго азёрнага кутка.
Спіс выкарыстаннай літаратуры.
1. “Пісьменнікі Савецкай Беларусі”, А. К. Гардзіцкі, Мінск, “Мастацкая літаратура”, 1981, с. 46.
2. “Пра час і пра сябе”, Я. Казека, Мінск, “Беларусь”, 1966, с. 51-54.
3. “Руплівы поўдзень”, Марына Барсток, Мінск, “Мастацкая літаратура”, 1984, с. 3-172.
4. “Ісці да чалавека”, Аркадзь Русецкі, Мінск, “Мастацкая літаратура”, 1987, с. 131-161.
5. “Парастак радка, галінка верша”, Рыгор Барадулін, Мінск, “Мастацкая літаратура”, 1987, с. 286-299.
6. “Беларускія пісьменнікі” (том 1), І. Э. Багдановіч, Мінск, “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”, 1992, с. 395-405.
7. “Энцыклапедыя гісторыі Беларусі” (том 2), Б. І. Сачанка, Мінск, “Беларуская энцыклапедыя”, 1994, с. 132.
Скачали данный реферат: Аристархов, Адель, Smirnitskij, Zyrjanov, Fonvizin, Andronika, Матвеев, Markellina.
Последние просмотренные рефераты на тему: реферат по философии, сочинение капитанская, вулканы доклад, персонал диплом.
Предыдущая страница реферата | 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22